Семнаццатага красавіка ў краіне пачаўся паказ дакументальнай дылогіі «Лагеры смерці» і «Спаленыя вёскі» ў рамках рэспубліканскай акцыі «Гэта павінен убачыць кожны беларус». Гэтыя кінастужкі – прадукт Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм», прымеркаваны да 80-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Шостага мая ў Маларыцкім раённым цэнтры культуры прайшоў прэм'ерны паказ гэтых двух фільмаў. Перад праглядам дылогіі на дзённым сеансе, дзе прысутнічалі вучні і педагогі ўстаноў адукацыі горада, выступілі старшыня Маларыцкага раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Корж і намеснік пракурора Маларыцкага раёна Уладзіслаў Мяшчанчук. Вячэрні паказ дакументальных фільмаў сабраў у зале прадстаўнікоў працоўных калектываў устаноў, арганізацый і прадпрыемстваў горада. Перад пачаткам сеанса да прысутных у зале звярнуліся старшыня Маларыцкага раённага Савета дэпутатаў Эдуард Кандзерэшка і намеснік пракурора Маларыцкага раёна Уладзіслаў Мяшчанчук. У сваім выступленні Аляксандр Корж, Эдуард Кандзерэшка, Уладзіслаў Мяшчанчук нагадалі праўду пра тое, што народ, які не памятае гераічнае мінулае, рызыкуе страціць сваю ідэнтычнасць, адзначылі, што фільмы «Лагеры смерці» і «Спаленыя вёскі» – гэта не толькі даніна памяці загінулым, але і папярэджанне пра недапушчальнасць паўтарэння падобных трагедый у будучыні. Гэта напамін пра цану міру і неабходнасць захавання гістарычнай праўды. Бо ў апошнія гады па ўсім свеце распаўсюджваецца адкрытая хлусня пра Вялікую Айчынную вайну, адбываюцца спробы гераізацыі і рэабілітацыі нацызму і перапісвання гісторыі. Каб гэтаму супрацьстаяць, праводзіцца работа па кансалідацыі беларускага грамадства, прад'яўляюцца праўдзівыя і аб'ектыўныя доказы таго, што адбывалася на нашай зямлі 80 гадоў таму. Пацверджаннем таму і з'яўляюцца фільмы «Спаленыя вёскі» і «Лагеры смерці». Адна з нашых задач сёння – не дапусціць тых падзей, якія адбываюцца ў краінах блізкага замежжа, дзе нацысцкіх злачынцаў узводзяць у ранг нацыянальных герояў і дэмантуюць помнікі савецкім воінам-вызваліцелям. *** У зале гасне святло, і ў паветры завісае звінячая цішыня. Уся ўвага прыкавана да экрана. Перад гледачамі паўстае дзядуля з унучкай. Дзяўчынка задае яму пытанні пра падзеі, паказаныя ў фільме. Яна не разумее словы «генацыд» і «фашызм» і цікавіцца, чаму і за што так жорстка забівалі мірных грамадзян нашай краіны. У аснову сюжэта фільмаў леглі матэрыялы расследавання Генеральнай пракуратуры, выступленні экспертаў і ўнікальныя архіўныя фота- і відэаматэрыялы, якія дазваляюць цалкам аднавіць карціну тых страшных падзей. Кожны кадр дылогіі пагружае гледачоў у страшную рэчаіснасць часоў генацыду беларускага народа. Незабыўнае ўражанне на гледачоў аказалі гісторыі простых жыхароў, якія цудам выжылі ва ўмовах генацыду. Фільмы расказваюць пра жахлівыя па сваёй бяскрыласці і жорсткасці дакладныя абставіны знішчэння нашага народа. Па сённяшні дзень раскрываюцца факты зверстваў фашыстаў на беларускай зямлі, дзе галоўным сродкам свайго «новага парадку» нацысты абралі палітыку масавага крывавага тэрору. «Спаленыя вёскі» – 39-хвілінны фільм расказвае пра трагічны лёс беларускіх вёсак, знішчаных нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Гледачу раскрываецца ўся тая жахлівая праўда пра палітыку «выпаленай зямлі», якая праводзілася нацыстамі на акупаванай тэрыторыі Беларусі, і яе бязлітасныя наступствы для мірнага насельніцтва. «Лагеры смерці» – таксама 39-хвілінны фільм. У 2021 годзе Генеральная пракуратура Рэспублікі Беларусь узбудзіла крымінальную справу па факце генацыду насельніцтва на нашай зямлі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У ходзе расследавання агалошаны новыя факты генацыду мірнага насельніцтва нацыстамі, якія знайшлі адлюстраванне ў фільме. На тэрыторыі Беларусі існавала больш за 560 канцлагераў. Трасцянец, Азарычы, Чырвоны Бераг, Лупалава – сумна вядомыя лагеры смерці, у якіх нацысты зверскі знішчылі сотні тысяч мірных жыхароў. Знаходзячыся ў эпіцэнтры вайны, Беларусь страціла звыш 2,5 млн. жыхароў, быў забіты кожны трэці. Праз гады на месцах трагедый з'явіліся помнікі, абеліскі, брацкія магілы, каб жорсткая праўда пра вайну на беларускай зямлі і генацыд народа ніколі не была забыта. – Несумненна, убачанае ўражвае, – кажа Алена Чуль. – Немагчыма застацца абыякавым, калі бачыш кадры з залы суда, дзе на лаве падсудных калабаранты прызнаюцца ў тым, што накіроўвалі землякоў на смерць дзеля кавалка мыла або сала. Калі чуеш сведчанні тых, хто выжыў у агнявым пекле. Дылогію «Лагеры смерці» і «Спаленыя вёскі» павінен убачыць кожны. Важна памятаць і вучыцца на памылках мінулага, каб не дапусціць паўтарэння такіх жахлівых падзей. – Жорсткасць, якую мы бачым на экране, не падлягае ніякаму апраўданню, – упэўнена Аліна Дэйнак. – Кінадылогія служыць напамінам пра цану міру і неабходнасць захавання гістарычнай праўды. Вучні атрымалі магчымасць не толькі ўбачыць, але і глыбей асэнсаваць падзеі, якія сталі трагічнай часткай нашай гісторыі. Фільмы акцэнтуюць увагу на мужнасці і стойкасці беларускага народа перад тварам вайны, а таксама на неабходнасці захаваць памяць пра тыя трагічныя падзеі для будучых пакаленняў. Прагляд кінадылогіі хутка будзе арганізаваны і для жыхароў сельскіх населеных пунктаў раёна. Падрыхтаваў Мікалай НАЎМЧЫК.



